Беларусь: дэкларацыя Высокага прадстаўніка ад імя ЕС з нагоды першай гадавіны фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года ў Беларусі [fr] [ru]

9 жніўня 2020 года надзеі народа Беларусі на абранне легітымнага лідара краіны былі жорстка разбітыя.

З тых часоў народ Беларусі няспынна і мужна змагаецца за павагу правоў чалавека і фундаментальных свабод. Ён заклікае да новых, дэмакратычных выбараў. Ён мірна пратэстуе ў той час, калі рэжым Лукашэнкі ігнаруе вяршэнства права і міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі і абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека, што зафіксавана ў дакладзе аб «Меркаваных парушэннях правоў чалавека, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі 9 жніўня 2020 года ў Беларусі», падрыхтаваным Вольфгангам Бенедэкам у рамках Маскоўскага механізму АБСЕ.

Прайшоў год, а гэты заклік застаецца непачутым. Рэжым Лукашэнкі рэпрэсуе ўласнае грамадства, паслядоўна паглыбляючы разрыў з беларускім народам. Прадстаўнікі апазіцыі і дэмакратычных сіл разам з тысячамі грамадзян з усіх слаёў грамадства загінулі пры нявысветленых абставінах, альбо былі затрыманы, альбо былі вымушаны пакінуць краіну і жыць у выгнанні.

Рэжым Лукашэнкі запусціў добра спланаваную кампанію рэпрэсій і запалохвання грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў, а таксама распачаў сістэматычнае знішчэнне няўрадавых арганізацый і незалежных СМІ з канчатковай мэтай заглушыць усе незалежныя галасы, якія засталіся, і задушыць грамадзянскую дзейнасць у Беларусі. Польская абшчына ў Беларусі таксама стала мішэнню гэтай палітыкі. Адвольныя і неабгрунтаваныя затрыманні, несправядлівы пераслед, уключаючы адмову ў праве на справядлівы судовы разгляд, і сотні задакументаваных выпадкаў катаванняў па-ранейшаму маюць месца ва ўмовах беспакаранасці.

Прымусовай і незаконнай пасадкай рэйса 4978 авіякампаніі Ryanair у Мінску 23 мая і выкарыстаннем уразлівых мігрантаў у якасці інструментаў у палітычных мэтах рэжым кінуў далейшы выклік міжнародным нормам.

Разам з партнёрамі-аднадумцамі ў ЕС адкрыта і аднагалосна заклікаюць рэжым Лукашэнкі спыніць свае рэпрэсіўныя практыкі. У адпаведнасці са сваім паэтапным падыходам ЕС гатовы разгледзець далейшыя меры ў святле абуральнага ігнаравання рэжымам міжнародных абавязацельстваў. Адзіны спосаб пакласці канец палітычнага крызісу – гэта інклюзіўны нацыянальны дыялог.

Адмена санкцый ЕС будзе магчымай толькі пасля таго, як улады ў Беларусі стануць цалкам прытрымлівацца прынцыпаў дэмакратыі і вяршэнства права, выконваць свае абавязальніцтвы датычна правоў чалавека і спыняць усе рэпрэсіі. Рэжым павінен вызваліць і рэабілітаваць безумоўна больш за 600 палітзняволеных і ўцягнуцца ў сур’ёзны, варты даверу і інклюзіўны палітычны працэс, які прывядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЕ.

Калі Беларусь пачне пераход да дэмакратыі, ЕС абавязваецца дапамагчы ёй стабілізаваць сваю эканоміку, рэфармаваць свае інстытуты, каб зрабіць іх устойлівымі і больш дэмакратычнымі, стварыць новыя працоўныя месцы і павысіць узровень жыцця людзей, у тым ліку з дапамогай Усёабдымнага плана эканамічнай падтрымкі на суму да 3 мільярдаў еўра для дэмакратычнай Беларусі, кароткі варыянт якога быў апублікаваны 28 мая Еўрапейскай камісіяй.

ЕС захоўвае ўнутранае адзінства ў пытанні далейшай падтрымкі народа Беларусі, у тым ліку шляхам прадастаўлення надзвычайнай дапамогі ахвярам рэпрэсій і незалежных сродках масавай інфармацыі і гуманітарнай дапамогі грамадзянскаму насельніцтву. ЕС таксама будзе працягваць падтрымліваць міжнародныя ініцыятывы па прыцягненні ўсіх вінаватых да адказнасці, у тым ліку праз Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і Міжнародную платформу для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці.

ЕС працягне падтрымліваць дэмакратычную, незалежную, суверэнную, квітнеючую і стабільную Беларусь. Галасы і волю народа Беларусі не атрымаецца заглушыць.

Dernière modification : 25/08/2021

Haut de page