Сумесны каментар Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі і дыпламатычных місій дзяржаў-членаў ЕС у Беларусі, а таксама Пасольстваў ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Японіі адносна сустрэчы з Міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем [fr] [ru]
Сёння Міністр замежных спраў Уладзімір Макей сустрэўся з кіраўнікамі дыпламатычных місій, якія працуюць у Беларусі. Кіраўнікі дыпламатычных місій Еўрапейскага саюза, Злучаных Штатаў Амерыкі, Вялікабрытаніі і Японіі скарысталіся выпадкам, каб нагадаць пра пазіцыю сваіх урадаў у дачыненні да сітуацыі ў краіне і пра наяўныя сродкі дасягнення мірнага і ўстойлівага вырашэння палітычнага крызісу і крызісу ў галіне правоў чалавека, які развіваецца ў Беларусі на працягу апошняга года. Дыпламаты адзначылі, што крызіс у Беларусі нарастае: узмацніўся пераслед апазіцыі, СМІ, грамадзянскай супольнасці і грамадства ў цэлым, у тым ліку польскай абшчыны ў Беларусі.
Дыпламаты спыталі пра планы беларускіх уладаў у дачыненні да выканання патрабаванняў канстытуцыі краіны і міжнародных абавязацельстваў, якія тычацца фундаментальных правоў і свабод, а таксама вяршэнства права. Дыпламаты заклікалі ўлады адгукнуцца на патрабаванні беларускага народа:
неадкладна спыніць пераслед усіх асоб, якія ўдзельнічаюць у дэмакратычным руху, а таксама незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці; прадэманстраваць павагу свабоды перакананняў, выражэння і сходаў;
неадкладна спыніць адвольныя затрыманні, катаванні і бесчалавечнае абыходжанне ў дачыненні да мірных пратэстуючых і палітычных зняволеных;
неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў і несправядліва затрыманых;
без прамаруджання расследаваць парушэнні правоў чалавека і прыцягнуць да суду тых, хто санкцыянаваў і здзяйсняў акты гвалту, катаванняў, бесчалавечнага абыходжання і незаконныя дзеянні, якія прывялі да цялесных пашкоджанняў, траўм, гібелі людзей, а таксама да фармавання агульнай атмасферы беззаконня ў краіне;
пачаць варты даверу і інклюзіўны палітычны працэс, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЕ.
Дыпламаты таксама праінфармавалі міністра пра патэнцыял пазітыўнага развіцця адпаведных двухбаковых адносін у тым выпадку, калі ўлады Беларусі ажыццявяць адчувальныя і значныя крокі па забеспячэнні выканання дэмакратычных норм у краіне. Кіраўнікі місій заклікалі ўлады краіны знаходжання ўстрымлівацца ад дзеянняў, якія перашкаджаюць дыпламатычнай супольнасці ў Беларусі ў выкананні іх звычайных дыпламатычных абавязкаў у атмасферы, свабоднай ад умяшання і запалохвання. Кіраўнікі місій таксама выказалі чаканне, што беларускі бок дазволіць калегам з Літвы, Польшчы, Латвіі, Вялікабрытаніі і ЗША, якіх папрасілі пакінуць краіну, вярнуцца ў Беларусь.
Дыпламаты пацвердзілі, што іх урады па-ранейшаму гатовы аказваць падтрымку і спрыяць інклюзіўнаму нацыянальнаму дыялогу ў Беларусі з мэтай дапамагчы абараніць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, а таксама гарантаваць яе бяспечную, дэмакратычную і квітнеючую будучыню. На думку трансатлантычнай супольнасці нацый, краевугольнымі камянямі суверэнітэту з’яўляецца згода (а не падпарадкаванне) грамадзян, сацыяльная салідарнасць і бяспека, дынамічныя інстытуты і свабодная прэса.